Першы магілёўскі фестываль аматарскіх фільмаў СЛОВЫ. Час фіналу

У бліжэйшы  чацвер, 13 ліпеня, ў 20:00 пройдзе фінальная цырымонія першага магілёўскага фестывалю аматарскіх фільмаў “Словы”.

Месцам правядзення стане этна-хутар Зялёны гай, мерапрыемства пройдзе ў фармаце “кінатэатра пад адкрытым небам”. У праграме, акрамя паказу конкурсных фільмаў і цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў запланаваны: жывая музыка, “танцавальнае караоке”,  іншыя інтэлігентныя забавы на прыродзе.

“Глядзельная зала” размесціцца на звычайнай паляне, таму рэкамендуем прыхапіць з сабой пледы, а выбіраючы адзенне, ўлічваць інфармацыю пра надвор’е ўвечары.

Уваход бясплатны, але жадаючыя наведаць мерапрыемства павінны зарэгістравацца па спасылцы https://goo.gl/4mfLCu (за раз можна зарэгістраваць кампанію да 6 чалавек).

Старт першага магілёўскага фестывалю аматарскіх фільмаў “Словы” быў дадзены ў сакавіку. Арганізатары – Цэнтр гарадскіх ініцыятыў – прапанаваў магілёўцам і гасцям горада стварыць кароткае – да 5 хвілін – відэа на вольную тэму, ў любым жанры і тэхніцы. На конкурс было даслана дзевятнаццаць заявак. Некаторыя ўдзельнікі прапанавалі па некалькі ролікаў.