Фестываль СЛОВЫ абвесціць пераможцаў 23 жніўня
Магілёўскі фестываль аматарскіх кароткаметражных фільмаў СЛОВЫ абвесціць пераможцаў другога сезона ў чацвер 23 жніўня. Фінальная цырымонія пройдзе ў фармаце “кіно пад адкрытым небам” на этна-хутары Зялёны гай. Пачатак у 20.30. Арганізатары фестывалю – Цэнтр гарадскіх ініцыятыў пры падтрымцы Магілёў Live.
На мерапрыемства запрошаны аўтары конкурсных работ, члены журы, прадстаўнікі медыя, аматары кіно.
Рэгістрацыя ўдзельнікаў : https://goo.gl/cJpqmi
Гледачы ўбачаць фільмы-намінанты на перамогу ў конкурсе, у фінале вечара будуць абвешчаныя імёны пераможцаў.
– Тое, што ўбачаць гледачы фінальнай цырымоніі – гэта сваесаблівы кінаальманах, які складаецца з кароткіх гісторый пра горад і гараджан, расказаных самімі магілёўцамі, – кажа кіраўнік Цэнтра гарадскіх ініцыятыў Юрый Стукалаў. – Гэта вельмі розныя па жанрах, аўтарскай манеры фільмы, але ўсё – вельмі шчырыя. І гэта робіць іх цікавымі, нават нягледзячы на нейкія тэхнічныя недасканаласці. Хоць і тэхнічны ўзровень многіх работ у гэтым годзе даволі высокі.
У гэтым годзе на конкурс паступіла 20 заявак ад 11 аўтараў (некаторыя аўтары дасылалі некалькі прац, што не супярэчыць правілам конкурсу).